Алёна Басікірская. Мая Радзіма сніцца мне у снах

Алёна Басікірская
Нарадзілася ў 1989 годзе ў горадзе Полацку Віцебскай вобласці. З’яўляецца студэнткай 3 курса факультэта беларускай і рускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка. Жыве ў горадзе Міёры Віцебскай вобласці. З 2007 года з’яўляецца членам Беларускага літаратурнага саюза “Полоцкая ветвь”. Яе творы змешчаны ў анталогіі літаратурнага саюза і ў анталогіі “Город любви и надежд“. З’яўляецца лаўрэатам першай ступені ў намінацыі “Залатое пяро” ў абласным конкурсе самадзейных паэтаў і кампазітараў “Песні сунічных бароў”, а таксама лаўрэатам абласнога агляду-конкурсу літаратурных і музычных твораў “Калыска мая – Беларусь”. Друкуецца ў часопісах “Вожык”, “Алеся”, газетах “ЛіМ”, “Краязнаўчай”, “Веснік культуры” и др.

Мая Радзіма сніцца мне у снах

МОВА, МАЯ ДАРАГАЯ…

Мова – мая дарагая!
Родна сяброўка мая!
Той, хто табой пагарджае,
Тым пагарджаю і я.

Мова – мая дарагая!
Свеціш у зорнай красе!
Ты, як малітва святая!
Ты, як брыльянт у расе!

Мова – мая дарагая!
Шчыра сяброўка мая!
Кветкаю ты расквітаеш.
З табой расквітаю і я.

Мова – мая дарагая!
Кожнае слоўца тваё
Я да грудзей прытуляю,
Побач смяецца жніўё!

Ўзяўшыся разам за рукі,
Гуляем па полі з табой!
Найпершая мне навука –
Мая да цябе любоў!

ЦАРЫЦА-НОЧ

Царыца-ноч у чорным аксаміце
Лучыну паліць пад маім акном.
А я пасплю. Што хочаце – кажыце,
Бо сёння я злучылася са сном.

А я пасплю, і хоць бы процьма зорак
Глядзела разам у маё акно.
Цяжкая стома нешта моцна морыць.
І ў гэты момант мне - усё адно.

А я пасплю – і чорным аксамітам,
Нібыта коўдрай, ахінае ноч.
Ад цеплыні гараць мае ланіты
І думкі ўсе пасунулі наўзбоч.

А я пасплю... І ноч мяне вітае
Сваім ахоўным, велічным крылом.
Чарніца сноў... Ты, значыць, вось якая...
Паспі і ты спакойным, моцным сном.

ТРЫЯЛЕТ

Я еду дадому зноў,
Я еду дадому зранку.
Да зробленых мной высноў.
Я еду дадому зноў.
У карагодзе слоў
Адкрыю з душы фіранку.
Я еду дадому зноў,
Я еду дадому зранку.

ТАНКЭ

Жыццё віруе
У завеі карагоднай,
Жыццё імчыцца
У далячынь святых нябёс
Да ростаняў раздольных

ХОКУ

Глядзець у вочы
Яго вялікасць Слову –
Мой паратунак...

СПОВЕДЗЬ

Цябе ніколі нельга падмануць,
Табой ніколі нельга наталіцца.
Дазволь цябе да сэрца прыхінуць,
Дазволь табе, паэзія, скарыцца.

Дазволь выконваць кожны твой капрыз,
Дазволь крануць твой запаветны неруш.
Прашу цябе, спявай заўжды “на біс”.
Я ведаю, што ты мне шчыра верыш.

З табою буду ў шчасці і бядзе.
Я не пакіну твой квяцісты бераг...
Ў мой твар Пегас змаркочаны глядзеў
І ён таксама мне, напэўна, верыў...

Прымі, паэзія, мой верш і мне прабач
За тое, што люблю цябе аддана.
Не плач, паэзія, прашу цябе, не плач,
Я загаю тваю любую рану.

Я прысягаю ў горы і журбе
З табою быць, з адною быць табою...
Свае ўсе вершы аддаю табе,
Трымай іх пад ахоўнаю рукою.

І ты мяне, прашу, не пакідай,
Будзь шчырасці маёй найпершай сведкай.
Быць можа, дапаможа родны край
Мне стаць праўдзіваю мясцоваю паэткай.

ПЕСНЯ МАЯ ДУШЭЎНАЯ

Мне даспадобы раніца.
Месяц за неба коціцца –
З зоркамі там спаткаецца.
Траўка ў расе маркоціцца.

Гэткай парой ціхуткаю
З вершамі у абдымках я.
Астра глядзіць бялюткая.
Рэчка – празрыста-плыткая.

Я пасяджу на лавачцы
І пагляджу на раніцу.
Птушак ляцела парачка.
Небам яны цікавяцца.

Я ж напішу радочкамі
Песню сваю маёвую.
І праспявае ночкаю –
Конік санату новую.

Песня прыгожай зложыцца,
Радаваць будзе кожнага.
Шчасце і радасць множацца –
Я іх мінаю пожняю.

Бо не хачу са сведкамі:
З імі мне дрэнна пішацца.
Разам з зарой-паэткаю
Ранак па свеце крышыцца.

Верша радочкі першыя
Аркушам засцілаюцца.
Так закахана ў вершы я,
Што аж смяецца раніца.

Слоўцы гулліва песцяцца,
Соннымі нараджаюцца,
Бойкай чародкай месцяцца
І між сабой вітаюцца.

Песня мая душэўная
Сонейкам запрыкмечана.
Пэўна, занадта спеўная,
Бо песнярам прысвечана.

“Класікі нашы родныя,
Вы – юбіляры сёлета.
Мы вас завём народнымі
Вы – беларускае золата.

Творамі мы лякуемся
І ўсёй душою цешымся.
Шчырасцю слоў частуемся,
Вас мы цытуем вершамі”

Песню маю душэўную
Так заспяваць мне хочацца.
Раніца – каралеўнаю
Важна ад сонца моршчыцца.

Я бяру ў рукі ціхенька
Томік знаёмы з вершамі.
Спелым паглядам вішанька
Хоча ўчытацца першаю...

НЯМНОГА НА ЗЯМЛІ ПАЭТАЎ…

Нямнога на Зямлі паэтаў,
І абыдзі хоць цэлы свет:
Хто вершам, як цяплом, сагрэты,
Не скажа сам, што ён паэт.

Не будзе голасна, з карысцю
Ліслівіць, дагаджаць сабе.
Паэт, як восеньскае лісце,
Як майскай квецені павеў.

Ён зробіць так, як і павінен,
І скажа тое, што баліць.
За гора, у якім не вінен,
Душа, бы полымем гарыць.

Ён шчыры ў думках і пачуццях,
Сумленне для яго найперш.
Крышталем слоў людзей ён вучыць
І дорыць свой цудоўны верш.

Падхопяць верш, як светач, людзі
І панясуць яго далей.
О, Божа, як сціскае грудзі
Сляза, што капне з іх вачэй.

Бо ў той слязе і ёсць сумленне,
І ёсць бляск праўды, шчырых дум.
Перад радком – як на маленні
Мы разганяем чорны тлум.

Паэт ад Бога як дарога,
Дзе шмат нязнаных каляін.
Вы скажаце: “Паэтаў многа!”
А я скажу: “Ёсць не адзін”.

Але няшмат зусім сапраўдных,
Якія могуць расказаць
У вершы ўсю святую праўду
І шчырым словам падтрымаць.

- Паэтаў, - скажаце, - нямнога,
А я скажу, што мала іх.
Яны пасланыя ад Бога.
Мы іх раўняем да святых.

І не дарэмна, бо паэты
Нам дораць таленту святло.
Мы шчыра ўдзячны ім за гэта.
Шчыруе творчасць... Тлее зло...

МАЯ РАДЗІМА

Мая Радзіма сніцца мне у снах,
У промнях сонца, золатам прыбраных.
Зіма і лета. Восень і вясна.
У зорах – ноч. І ў зараніцы – ранак.

Мая Радзіма ўдзень і уначы
Сваёй пяшчотай вабіць наваколле.
Птушыны спеў ніколі не змаўчыць.
Рачулкі смагу моцную спатоляць.

І дрэваў шэпт, і шалясценне траў.
Раздольныя, абшарныя разлогі.
Жыве у мностве цудаў і праяў
Радзіма, што нам дадзена ад Бога.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.